Супрацоўнікі ДАІ ў Скідзелі спынялі транспартныя сродкі для праверкі дакументаў. Каля трох гадзін ночы інспектар падаў сігнал спыніцца кіроўцу “Фіата”, які праігнараваў законнае патрабаванне, паведамляе абласная ДАІ.
Пачалася пагоня. Затрымалі ўцякача на вуліцы Леніна з прыкметамі ап’янення і даставілі ў медустанову, каб у гэтым упэўніцца. Медыкі выявілі ў мужчыны 2,0 праміле алкаголю ў арганізме.
У пратаколе кіроўца ўказаў, што напярэдадні дома выпіў 0,5 літра гарэлкі. Як аказалася, у мужчыны гэта ўжо другое такое парушэнне цягам года — у чэрвені 2021 года яго ўжо затрымлівалі ў Скідзелі п’яным за стырном. А ў траўні ён ужываў алкаголь пасля здзяйснення ДТЗ.
Цяпер 35-гадоваму мужчыне пагражае крымінальная адказнасць з канфіскацыяй транспарту і абмежаваннем альбо пазбаўленнем волі, адзначае рэсурс ДАІ.