Аляксей Якімовіч
— Аляксей Мікалаевіч, якім для цябе як для пісьменніка выдаўся 2021 год?
— Плённым, багатым. У мінулым годзе выйшла пяць маіх кніг.
— Ці не змог бы ты пералічыць іх?
— У выдавецтве “Беларусь” выйшлі наступныя мае зборнікі: фантастычна-містычная аповесць і апавяданні “Пан”, дэтэктыўныя апавяданні, вершы і антывірусныя прыпеўкі “Карп у футры”, дэтэктыўная аповесць, вершы і прыпеўкі “Загадкавы храм”. А часопіс “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў якасці дадаткаў да свайго часопіса выдаў наступныя кніжачкі: “Вывучаем правапіс у 4 класе. Дзеяслоў” і “Вывучаем беларускі правапіс у 4 класе. Прыметнік, займеннік”.
— Значыць, ты не пакінуў распрацоўваць урокі, працуеш над методыкай выкладання?
— Працую, стараюся. Хочацца падрыхтаваць для беларускіх настаўнікаў цікавыя ўрокі, каб потым яны змаглі данесці іх да сваіх выхаванцаў, вучняў. Хочацца зрабіць так, каб урок беларускай мовы быў святам. І каб гэта свята адбывалася найчасцей.
— Выдаўшы кнігі, ты знайшоў падтрымку?
— Падтрымалі людзі, гуманісты, сапраўдныя прыхільнікі цудоўнага беларускага слова і нашай беларускай адукацыі. Вялікі дзякуй ім за гэта.
— Хацелася б пачуць колькі слоў пра сюжэт аповесцей.
— Героі аповесці “Пан”, якія прыехалі адпачываць у санаторый, сустракаюцца ў лесе з Панам – міфічным гаспадаром лясоў, палёў і статкаў з казлінымі нагамі, рагамі і барадой. Гэты твор аб каханні, вернасці і здрадзе.
Дзеянне аповесці “Загадкавы храм” адбываецца ў невялікім раённым гарадку. Прадпрымальнік Менкін пасяляецца ў будынку, які некалі быў храмам. Менкін і яго жонка Святлана адчуваюць сябе на вяршыні шчасця. Але іх радасць азмрочваецца нечаканымі падзеямі, якія неўзабаве пачынаюць адбывацца ў храме і наганяюць жах на гаспадароў.
— Ты ніколі не адчайваешся?
— Вера дапамагае жыць.
— Ніколі не спыняешся на дасягнутым?
— Так, так, так! У напісаным раней бачу нейкія агрэхі. Таму стараюся выправіць іх, адшліфаваць твор, як шліфуюць, напрыклад, камень ці дрэва.
— Ты ўжо стаў пісаць і вершы.
— Вершы пачынаў пісаць у школьныя гады, але не атрымалася, не пайшлі яны ў мяне. А некалькі гадоў таму яны іншы раз сталі вылазіць з маёй галавы. Некаторыя ледзь паспяваў запісваць. Сам не ведаю, як так здарылася, што мяне натхніла ці ўзрушыла?.. Бывае, складаю іх у час працы на дачы, але такі працэс адбірае фізічныя сілы. Таму стараюся не злоўжываць ім. Многія вершы ў чарнавым варыянце напісаў, устаўшы з ложка, у той час, калі хадзіў па кватэры, рыхтуючыся да працоўнага дня. Пасля начнога адпачынку някепска думаецца.
— Дзе можна набыць твае кнігі?
— У кнігарнях, у бібліятэках, у выдавецтве “Беларусь”.
Да друку падрыхтаваў Мікола Канановіч