Слонімцы пішуць дыктоўку
“Першы раз я бачыў Янку Купалу ў верасні 1939 года, калі ён першы раз прыязджаў у Слонім і наведваў Гальяша Леўчыка. Праўда, гутарыць з народным паэтам не прыйшлося. Я толькі з цікавасцю назіраў яго паходку, пільна ўслухоўваўся ў яго ціхі голас. Прызнаюся, здзіўляла яго прастата, сціпласць і нешта падобнае да нясмеласці.
Другі раз убачыў гэтага вялікага песняра ў лістападзе таго ж года ў Мінску. Нас, заходнебеларускіх пісьменнікаў, паклікалі ў сталіцу рэспублікі на светкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праходзілі вечары, сустрэчы. Дарэчы, тады ж першы раз я ўбачыўся з Максімама Танкам, Нінай Тарас, Ганнай Новік і другімі сябрамі па пяру і барацьбе…”, — успамінае Анатоль Іверс пра той далёкі час.
Гэтую дыктоўку 20 лютага напісалі 10 слонімцаў. Як паказала самаправерка, узровень валодання пісьмовай беларускай мовай у іх добры і выдатны.