З 7 па 9 траўня ў Гродзенскай вобласці было выяўлена каля 500 парушэнняў хуткаснага рэжыму, 75 фактаў кіравання транспартным сродкам бяспраўнікамі, 38 аварый, затрымана 20 п’яных кіроўцаў, трое з якіх здзейснілі ДТЗ, паведамляе абласная ДАІ.
Так 8 траўня ў вёсцы Доргунь Гродзенскага раёна ў 20 гадзін адбылося ДТЗ з удзелам самаробнага трактара, кіроўца якога быў п’яны.
41-гадовы трактарыст пасля апрацоўкі поля вяртаўся на трактары дамоў па дарозе ўздоўж вёскі, не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезджай часткі і наехаў на агароджу з камянёў. Пашкодзіўшы трактар, мужчына працягнуў рух.
Тым часам вяскоўцы выклікалі міліцыю.
У пратаколе апытання трактарыст указаў, што раніцай выпіў 500 грамаў гарэлкі, а вечарам сеў за руль свайго трактара.
Паводле медыкаў, утрыманне алкаголю ў яго крыві перавысіла норму ў шэсць разоў — 1, 8 праміле.
Цяпер кіроўцу трактара пагражае штраф у памеры 200 базавых адзінак і пазбаўленне правоў кіравання на 5 гадоў, адзначаецца ў паведамленні.
Фота ДАІ