Наверх
Слоним
переменная облачность
1 °C
Зельва
переменная облачность
1 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
0 °C
Мосты
облачно с прояснениями
1 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
1 °C
Барановичи
облачно с прояснениями
0 °C
EUR 3.5911
USD 3.415
RUB(100) 3.3927
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 626 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 339,83 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 41 руб.
Базовая величина: 40 руб.
Ставка рефинансирования: 8,5%

9 унукаў, 25 праўнукаў і 3 прапраўнукі. 90-гадовая жыхарка вёскі Яруцічы не думала, што дажыве да слаўнага юбілею

7 июня 2022 10:09
Поделиться:

Родныя зладзілі Марыі Паўлаўне сапраўднае свята

6 чэрвеня жыхарцы вёскі Яруцічы Слонімскага раёна Марыі Паўлаўне Ракуць споўнілася 90 гадоў.

Нарадзілася юбілярка ў вёсцы Яруцічы 6 чэрвеня 1932 года ў простай сельскай сям’і. Апошнім часам яна жыла ў дачкі ў аграгарадку Міжэвічы. А напярэдадні юбілею дзеці яе прывезлі ў свой родны дом, дзе мы з ёю сустрэліся.

Марыя Паўлаўна з дачкой Верай

У Марыі Паўлаўны чацвёра дзяцей, дзевяць унукаў, дваццаць пяць праўнукаў і тры прапраўнукі. Яе працоўная дзейнасць адзначана медалём. Шмат цяжкасцяў прыйшлося перажыць гэтай далікатнай жанчыне: цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, бацьку немцы забілі, расла сіратой, і муж рана памёр, трэба было шмат і цяжка працаваць, упраўляцца з хатняй гаспадаркай.

— Падчас вайны ў нашай вёсцы Яруцічы былі партызаны, а ў Сасноўцы — немцы. Памятаю, як пасвілі кароў, а ноччу нават даводзілася начаваць у кустах на полі. Тады былі цяжкія часы, — успамінае Марыя Паўлаўна.

Давялося жанчыне асвойваць цалінныя землі ў Казахстане.

— Раней давалі мала сотак зямлі на сям’ю, таму мы вырашылі з’ехаць у Казахстан, дзе з сям’ёй пражылі дзесяць гадоў. Там мы жылі ў вёсцы, трымалі сваю гаспадарку. А калі бацькі сталі слабыя, іх стала шкада, прыйшлося вярнуцца дадому. Таму і пенсія ў мяне невялікая, бо стаж перарываўся, але мне хапала, яшчэ дзецям дапамагала і ўнукам на дзень нараджэння давала, — кажа жанчына.

Калі сям’я Ракуцяў вярнулася ў родную вёску Яруцічы, Марыя Паўлаўна працавала доўгі час ў калгасе.

Кажуць, што дажыць да 90 гадоў няпроста, і сама юбілярка дзівіцца, як змагла дажыць да шаноўных гадоў.

— Гэта ж трэба бабе дажыць да 90 гадоў. Я сама дзіўлюся, як гэта я змагла дажыць да гэтых гадоў. Я ніколі не марыла так доўга жыць з такім цяжкім жыццём. Сын, нявестка і зяць памерлі, а мне трэба жыць.

Жыла я, жыла ў гэтай хатцы і ўжо занядужала. І нянька Святлана (сацыяльны работнік) у мяне была такая добрая: наварыць мне, памые, усё зробіць. І я думала, што нікуды ўжо не пайду са сваёй хаты. Ды вось бяда, вада ў студні перасохла, таму прыйшлося ехаць да дачкі ў Міжэвічы. У дачкі ёсць муж. І я думала, што дачка дачкой, а зяцю, можа, я і не патрэбна. А ён такі добры чалавек, так мяне добра глядзіць: і па хлеб сходзіць у краму, і па таблеткі ў лякарню, усім дапамагае. Мы сядзім з ім на лавачцы і размаўляем пра тое, як раней было. І мы з ім такія добрыя сталі.

Дзеці прыехалі, і я вярнулася дадому. Яны мне ўсяго прывезлі — і віна, і гарэлкі, і я крыху вінца выпіла, — расказвае пра сваё жыццё баба Марыя.

Усе гэтыя гады Марыя Паўлаўна жыла ў вёсцы Яруцічы, а апошнім часам сілы сталі слабейшымі, таму дачка забрала яе да сябе ў Міжэвічы.

— Я яшчэ восенню сама часнок садзіла ў агародзе. Думала, што буду жыць у сваёй хаце, сацыяльны работнік будзе дапамагаць, але стала цяжка адной. У хаце ў мяне ёсць ванна, туалет, пральная машынка, але не стала вады ў студні.

У мяне чацвёра дзяцей. А ў маёй мамы было пяцёра дзяцей: адзін сын і чатыры дачкі. Адна мая сястра, якая маладзейшая за мяне, жыве ва Украіне ў Днепрапятроўскай вобласці, але з ёй зараз сувязь згубілася. Раней з роднымі з Украіны стэлефаноўваліся, а зараз яны нас, беларусаў, вінавацяць у ваенных дзеяннях. А ў чым мы вінаватыя? Калісьці такое сяброўства было, і цукар, і муку з Украіны прывозілі.

Я неяк сядзела ў дачкі ў Міжэвічах на лаўцы, а ў небе гудуць самалёты. Гавару зяцю: «Ну, зяцёк, вайна пачалася, нам ужо канец». А ён кажа: «Што вы, мама, выдумляеце? Тут недалёка аэрадром знаходзіцца, таму яны лятаюць». — «Але ж раней яны не ляталі?» — кажу яму. Потым самалёты перасталі лётаць, зяць смяецца і кажа: «Ну што, вайна скончылася?» Не дай Бог вайны, мы гэта ведаем, прыйшлося перажыць, а моладзь не ведае…

Дачка Вера бабы Марыі расказала, што калі брат роднай юбіляркі жыў у Яруцічах, ёй было весялей, але сын яго забраў да сябе ў Зэльву.

— Пакуль брат мамы жыў у вёсцы, яна таксама тут была, ёй было неяк весялей. Але ён таксама ўжо старэнькі, занямогся, таму сын забраў яго ў Зэльву, — кажа дачка Вера.

Успомніла Марыя Паўлаўна цікавы эпізод са свайго жыцця.

— Памятаю, як у вёску прыляцеў самалёт, хворага яруціцкага прывезлі. Усе вяскоўцы пабеглі глядзець, і я пакінула на свякруху дачку Веру і таксама пабегла глядзець.

Родныя бабы Марыі вырашылі зладзіць у гонар яе 90-годдзя сапраўднае свята ў рэстаране. Але Марыя Паўлаўна вельмі хвалюецца з гэтай нагоды: кажа, што калі даведалася пра гэта, дзве ночы не спала.

— Я жыву ў дачкі цяпер. Дзеці, якія жывуць у Расіі, патэлефанавалі, сказалі, што прыедуць, а потым яны задумалі гэты рэстаран. І я стала думаць: навошта мне гэта? Аж дзве ночы спаць не стала.

— Марыя Паўлаўна, у чым сакрэт Вашага даўгалецця?

— Бог яго ведае. Таблеткі дапамагаюць (смяецца). Я сур’ёзна не хварэла, праўда, была праблема са зрокам. Але дзеці адправілі мяне на лячэнне ў Гродна, там вітаміны мне калолі.
У родзе ў нас былі доўгажыхары: цётка пражыла 96 гадоў і старэйшая сястра Валя — 95 гадоў.

— Пра што зараз марыце, Марыя Паўлаўна?

— На Бога спадзяюся, але прашу яго: хоць бы нядоўга… Сяджу ў дачкі на лавачцы, яны з мужам цяпліц шмат паставілі, усяго насадзілі, а я думаю: вось бы мне легчы на гэтай траўцы і каб не ўстаць. Худнець я стала і дзецям кажу, што доўга я не працягну. Кажу ім: «Дарма вы гэтую імпрэзу робіце», — непкоіцца жанчына.

Дачка бабы Марыі, Вера, прыехала на юбілей з Расіі з горада Іванава. Яна кажа, што Марыя Паўлаўна за ўсё хвалюецца і ўсё блізка прымае да сэрца.

— Мамачка мая добрая, самая любімая, яна вялікая працаўніца, за ўсё перажывае, усё ўспрымае блізка да сэрца, — кажа дачка.

У бабулі Марыі душа баліць, што сын яе памёр у маладым узросце, а потым і нявесткі не стала, унукі засталіся сіротамі. Жыў сын у суседняй вёсцы Сасноўцы.

Наймалодшы сын бабы Марыі жыве ў Санкт-Пецярбургу. Ён таксама прыедзе да маці на юбілей.

— Дзеці раз’ехаліся па ўсім свеце, а ты, баба, жыві адна. І ў вёсцы нікога няма: усе, хто яшчэ жывы, уцяклі хто куды. У вёсцы шмат дамоў, але бяда, што няма каму ў іх жыць. І мой бацькоўскі дом стаіць адзін. А раней жыхароў вёскі Яруцічы кітайцамі называлі, столькі тут жыло людзей!
Цяпер вёска ўся зарасла, дамоў не бачна, аўтобус стаў ездзіць раз на тыдзень і толькі да Сасноўкі, — наракае юбілярка.

На развітанне Марыя Паўлаўна ўсім пажадала здароўя, дажыць да яе гадоў і не ведаць вайны.

Наш канал в Telegram