Самсон Пярловіч у цэнтры здымка
Вокладка кнігі
Лёс старэйшага навагрудскага паэта Самсона Пярловіча не песціў — за верш пра Сталіна і сяброўства ў антысавецкай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі” (1946 – 1947 гг) паэт атрымаў 10 год зняволення ў сталінскіх лагерах, а ў вайну зведаў гітлераўскія лагеры.
Да свайго арышту чэкістамі Самсон Пярловіч працаваў у рэдакцыі раённай навагрудскай газеты “Звязда”, а пасля вызвалення з лагераў амаль 40 гадоў адпрацаваў на заводзе газаваў апаратуры ў Навагрудку.
Пры жыцці паэта, пачынаючы з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя, выйшлі з друку тры яго кнігі, і яшчэ дзве пабачылі свет ужо пасля яго смерці.
Такім чынам зборнік вершаў, прозы, гумару і ўспамінаў пра аўтара “Сэрца замірае ад тугі” з’яўляецца шостай кнігай Самсона Пярловіча. З яе ўкладальнікам і аўтарам вялікай прадмовы “Злы вецер выў над галавою…” Сяргеем Чыгрыным пагутарыў карэспандэнт партала gs.by.
Сяргей Чыгрын
— Сяргей, скажы, як у цябе ўзнікла задумка выдаць кнігу Самсона Пярловіча?
— Задумак заўсёды шмат. Рэалізаваць іх цяжка. З Самсонам Георгіевічам Пярловічам я быў знаёмы. Пару разоў мы разам выступалі з беларускімі пісьменнікамі ў Навагрудку. Гэта быў сціплы, тактоўны і інтэлігентны чалавек, вельмі таленавіты і шчыры. Ён прайшоў гітлераўскія і сталінскія лагеры. Выжыў, вярнуўся ў родны Навагрудак, каля сарака гадоў адпрацаваў на заводзе газавай апаратуры. У вольны час пісаў вершы, гумарэскі, спрабаваў сябе ў прозе. У наступным годзе яму споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння. Каб ушанаваць памяць пра гэтага чалавека, я вырашыў сабраць яго лепшую літаратурную працу пад адну вокладку. Дзякуй Богу, знайшоўся і фундатар. Так з’явілася прыгожая кніга “Сэрца замірае ад тугі”.
— З якіх крыніц браліся творы пісьменніка, фотаздымкі, і колькі часу заняла падрыхтоўка кнігі да друку?
— Пра такіх людзей я збіраю матэрыялы шмат гадоў. Некалькі зборнічкаў Самсона Пярловіча выйшлі пры жыцці. Дарэчы, адзін з іх з прадмовай падрыхтаваў наш зямляк Алег Лойка, ён называўся “Бяссмертнік” (1995). І выдаваўся ў Мінску. Астатнія зборнічкі Самсона Пярловіча друкаваліся саматужным спосабам. Лепшыя творы я браў з гэтых выданняў, а таксама з Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея і з прыватных архіваў яго землякоў. А вось са здымкамі цяжэй, іх адшукалася няшмат. Тым не менш, 10 ілюстрацый надрукаваны ў кнізе.
Сёння нашы людзі сталі цяжкія на пад’ём, абыякавыя, гультаяватыя, таму ў іх дапытацца фотаздымкаў амаль немагчыма. А ў хатніх архівах жыхароў Навагрудка іх, відаць, ляжыць шмат… Вось дачку Самсона Пярловіча адшукаць не ўдалося. І ці жыве яна яшчэ ў адной з Прыбалтыйскіх рэспублік, я не ведаю. Пры жыцці паэта яна цяжка хварэла. І ён, як мог, збіраў грошы на яе лячэнне.
— Дзе і якім чынам можна набыць сёння «Сэрца замірае ад тугі» Самсона Пярловіча?
— Першая прэзентацыя плануецца ў Навагрудку, дзе землякі Самсона Пярловіча змогуць гэту кнігу набыць. І ў бліжэйшыя дні яна паступіць у мінскую кнігарню “Акадэмічная кніга”.
Фота з архіва Сяргея Чыгрына