Фота: Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа
У фонд Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры, літаратуразнаўца і пісьменнік Алесь Бельскі перадаў выдатны падарунак — кнігу «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай». Пра гэта паведамляецца на сайце ўстановы.
У падоранай кнізе змешчаны матэрыялы ўдзельнікаў XIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю БДУ і 90-годдзю з дня нараджэння члена-карэспандэнта акадэміі навук Беларусі прафесара Алега Лойкі, якая адбылася на філфаку БДУ ў Мінску.
У выданні асвечаны актуальныя пытанні тэорыі, гісторыі і паэтыкі літаратуры, літаратурных сувязяў і кантактаў, мастацкага перакладу і г.д.
З выданнем ахвотныя могуць азнаёміцца ў раённай бібліятэцы імя Я. Коласа па адрасе: вул. Савецкая, 6.
Алег Антонавіч Лойка (1931-2008) — беларускі паэт, пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, навуковец, педагог, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН Беларусі. З-пад яго пяра выйшла амаль 100 кніг, у тым ліку звыш 30 зборнікаў паэзіі, 2 раманы, некалькі дзясяткаў літаратурных даследаванняў, шматлікія пераклады, рэцэнзіі, эсэ. Нарадзіўся ў Слоніме.