"Каб не пагаслі зоры"
“Дом Пятра Мікалаевіча Марціноўскага ў Дзярэчыне прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі жартоўна называлі домам літаратараў. Калі б не прыехаў у старажытны Дзярэчын — ноччу ці днём, у святы ці ў гарачы будзень — з усмешкаю і з бацькоўскай цеплынёй Пятро Мікалаевіч заўсёды запрашаў у сваю светлую і прасторную хату. І не проста запрашаў, а смачна частаваў кумпячком ці каўбаскай і абавязкова наліваў самаробнага вінаграднага віна, якому мы далі назву “Martini” (ад слова Марціноўскі). І за гэтым частаваннем гадзінамі, а то і суткамі, лілася гутарка пра лёс роднай мовы, пра літаратуру, гісторыю, і пра Беларусь наогул”, — пісаў Сяргей Чыгрын у прадмове да гэтага выдання.
Кнігу “Каб не пагаслі зоры” склалі артыкулы Пятра Марціноўскага розных гадоў з розных беларускіх выданняў, але найперш з зэльвенскай раёнкі. Таксама сюды ўвайшлі песні Пятра Марціноўскага і ўспаміны людзей, якія яго добра ведалі — успаміны сяброў і тых, каму Пётр Мікалаевіч дапамог зрабіць першыя крокі ў літаратуру ці настаўніцтва.
Пра Марціноўскага ў гэтым выданні ўспамінаюць Алесь Траяноўскі, Міхась Скобла, Уладзімір Ягоўдзік, Валянцін Дубатоўка, Уладзімір Мазго, сам укладальнік гэтай кнігі Сяргей Чыгрын і іншыя вядомыя людзі.
Варта адзначыць, што выданне багата праілюстравана рэдкімі фотаздымкамі. У кнігу таксама ўвайшла перапіска Пятра Марціноўскага з Ларысай Геніюш, Юркам Голубам, Аляксеем Пяткевічам, Паўлам Сцяцко, Алесем Траяноўскім і іншымі знанымі асобамі.
Апошні раздзел зборніка “Каб не гаслі зоры” склалі вершы паэтаў, прысвечаныя Пятру Марціноўскаму. А калі жывуць успаміны пра добрага чалавека і выдатнага педагога, калі пра яго пішуцца вершы, значыць яго зорка не пагасла і ў наш час.