Скончылася паліва ў цэнтры Гродна
Раніцай 17 лістапада істотна ўскладнены рух транспарту ў цэнтральнай частцы Гродна, на старым мосце і падыходах да яго, паведамляе абласная ДАІ.
Прычынай таму стаў грузавік, у якога на пад’ёме з боку Віленскага завулка скончылася паліва. Кіроўца фуры на замежных нумарах ехаў па навігатары, які прывёў яго ў самы цэнтр горада.
Грузавік ужо адбуксіравалі ў суправаджэні ДАІ на стаянку і больш памехаў для руху ён не стварае.
Аднак наступствы затрымкі адчуваюцца ўсю раніцу. Таму ДАІ раіць кіроўцам у Гродне планаваць свой маршрут з улікам гэтай інфармацыі.
Фота ДАІ