У суботу, 26 лістапада, у Слонімскім драмтэатры спектаклі для дзяцей і дарослых пакажа заслужаны калектыў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
У гэты дзень у 12 гадзін пачнецца паказ музычнага дэтэктыва для дзяцей і дарослых «Таямніца чароўнага календара».
Героі спектакля – мілыя, кранальныя лялькі, якія, на вялікі жаль і няшчасце, засталіся кінутымі ў адзіноце. Калі дзеці вырастаюць, цацкі становяцца нікому не патрэбныя. Але ж гэтыя лялькі па-ранейшаму любяць сваіх гаспадароў. А зараз вымушаны жыць у жудасным месцы, дзе на кожным кроку іх чакае небяспека – на іх аб’яўлена паляванне.
Спектакль ідзе на беларускай мове. Яго працягласць — 1 гадзіна 25 мінут.
У 17 гадзін дарослыя змогуць паглядзець аўтэнтычны лёгкі спектакль «Адамавы жарты».
Саўка і Марыся – выдатныя муж і жонка, шмат у чым нагадваюць біблейскіх Адама і Еву. Яны маладыя, прыгожыя і вельмі працавітыя. Жывуць у любові і згодзе, старанна вядуць хатнюю гаспадарку. Але адкуль ні вазьміся да іх заяўляецца Чорт… У спектаклі неверагодна пераплецена рэальнае і фантастычнае, сапраўднае і карыкатурнае, сучаснае і старажытнае, шмат музыкі, пластыкі і, вядома, жартаў.
Спектакль ідзе на беларускай мове. Яго працягласць — 1 гадзіна 45 мінут.