Сцэна са спектакля “Вася Лайдачкiн у краіне Шкодных Звычак”. Фота: Слонімскі драмтэатр
У нядзелю, 4 снежня, у Слонімскім драмтэатры пакажуць прэм’еру спектакля для дзяцей, а для дарослых — камедыйную прытчу.
Спектакль для дзяцей «Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак» раскажа пра хлопчыка Васю з незвычайнай мянушкай – Лайдачкін. Не любіў Вася ні вучыцца, ні працаваць, а вось лайдачыць любіў. Таму і займеў такую абразлівую мянушку. Пасябравалі з Васем Лайдачкіным Шкодныя Звычкі. І не проста пасябравалі, а нават да сябе ў госці запрасілі, у краіну Шкодных Звычак. Толькі позна зразумеў Вася, што трапіць у гэтую краіну лёгка, а вось выбрацца з яе не кожнаму пад сілу… А што далей з Васем Лайдачкiным сталася – даведаюцца тыя гледачы, якія паглядзяць новы спектакль.
Пачатак у 12.00.
Спектакль ідзе на беларускай мове, працягласць — 45 мін.
У гэты дзень, 4 снежня, дарослыя змогуць паглядзець камедыйную прытчу «Камедыя».
Сцэна са спектакля «Камедыя». Фота: Слонімскі драмтэатр
Камедыя пра тое, як пакрыўдзіўся Селянін на самога Адама, прабацьку чалавецтва, за тое, што Адам награшыў, а за грэх яго павінны пакутаваць простыя людзі. І вось у адзін з такіх пакутных дзён з’явіўся да Селяніна сам Чорт. І запытаўся Чорт у Селяніна: “А сам ты хто такі будзеш? На што годны?” Прапанаваў Чорт Селяніну выпрабаваць сябе, моц сваю чалавечую і волю праверыць. Ды не проста так — за грошы. Ці вытрымае Селянін іспыты?
У спектаклі занятыя артысты: Уладзімір Навумік, Надзея Ільчанка, Ірына Яцук, Сяргей Яўменаў.
Спектакль ідзе на беларускай мове, працягласць — 1 г 30 мін.