Павел Севасцьян
— Недзе ў гадзін 14-ць я ішоў дамоў, калі ля пад’еда дома пачуў вокрык: “Стой!”. Калі азірнуўся, то ўбачыў, што трое ў балаклавах бягуць у мой бок. На мяне надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і павезлі ў райаддзел міліцыі. У міліцыі сказалі, што затрымалі за захоўванне ў Фэйсбуку матэрыялаў, якія прызнаны экстрэмісцкімі. Паказалі на маёй старонцы ў Фэйсбуку некалькі фотаздымкаў ранейшых гадоў, тады пра экстрэмізм яшчэ і размоў не было. Потым участковы склаў пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КоАП, і мяне змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У ізалятары на ноч не выдалі матрац, сказалі, што тым, хто сядзіць па такім артыкуле, як у мяне, матрацы не выдаюць. Раніцай быў суд тут жа ў ізалятары, па скайпу. Я заявіў хадайніцтва пра пошук адваката, якое суддзя задаволіў, і мяне выпусцілі да наступнага судовага паседжання, — расказаў gs.by Павел Севасцьян.
Наступнае судовае паседжанне па справе слонімца прызначана на 20 студзеня. Пачатак у 10.30 у судзе Слонімскага раёна.
Фота з архіва “ГС”