ДАІ
На тэрыторыі Гродзеншчыны за палову студзеня было затрымана 45 нецвярозых кіроўцаў, паведамляе рэсурс абласной ДАІ.
Так ноччу ў мінулы панядзелак у Гродне на вуліцы Крамко супрацоўнікі ДАІ спынілі легкавік «Chrysler» пад кіраваннем 62-гадовага жыхара Гродзенскага раёна. Падчас гутаркі інспектары выявілі прыкметы алкагольнага ап’янення ў кіроўцы. Вынік медыцынскага агляду паказаў 1,5 праміле алкаголю ў яго арганізме.
У пратаколе апытання мужчына патлумачыў, што каля 02.20 прыпаркаваў каля гандлёвай кропкі свой легкавік і пайшоў па пакупкі. Выйшаўшы з крамы, сеў у машыну і ўжыў прыкладна 1,5 кілішка каньяку. Пасля гэтага праз некаторы час выехаў з паркоўкі і пачаў рух. Хутка яго спынілі супрацоўнікі ДАІ.
Цяпер кіроўцу пагражае да 200 базавых адзінак штрафу і пазбаўленне правоў кіравання на 5 гадоў, адзначаецца ў паведамленні.
Фота ДАІ