У Карэліцкім раёне гарэла жылая хата
Вечарам 13 лютага ў вёсцы Ваўкі Карэліцкага раёна гарэла жылая хата. Пра пажар дыспечару распавёў па тэлефоне відавочца. Па ўказаным адрасе адразу выехалі чатыры аддзяленні МНС і службы ўзаемадзеяння, канстатуе рэсурс выратавальнікаў.
Калі выратавальнікі прыехалі на месца, драўляная хата цалкам была ахоплена агнём. Падключыўшы апараты сціснутага паветра, байцы МНС пачалі тушыць пажар. Падчас разведкі ў адным з пакояў знайшлі загінулага 63-гадовага гаспадара хаты. Мужчына жыў адзін.
Каля 30 мінут спатрэбілася выратавальнікам, каб справіцца з пажарам. Агонь знішчыў дах, пашкодзіў перакрыцці і маёмасць у хаце.
Прычына пажару высвятляецца. Верагодней за ўсё, да гэтага прывяло неасцярожнае паленне, адзначаецца ў паведамленні.
Фота МНС