Сяргей Чыгрын са сваёй новай кнігай для дзяцей
Вокладка новай кнігі
Вершаваныя гісторыі і паэтычныя загадкі ў гэтым зборніку адрасаваны дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Зборнік складаецца з чатырорх частак — “Воўк і аўтамабіль”, “Свеціць месячык знаёмы”, “Люлі-люлечкі-люляйкі” і “Птушкі і літары”. Выданне ў цвёрдай вокладцы прыгожа праілюстравана малюнкамі ў адпаведнасці з тэмай вершаў. Асабліва шмат ілюстрацый прыпадае на апошнюю частку кнігі, дзе амаль для кожнай літары беларускага алфавіта знайшлася свая птушка.
Вышыня заўсёды сніцца,
І яе ён не баіцца.
Сімвал нашай Беларусі —
БУСЕЛ, — чытаем у чацвёртай частцы зборніка на літару “Б”.
Вершы-лічылкі, вершы-загадкі і вершаваныя гісторыі ў гэтай кніжцы лёгка чытаюцца і запамінаюцца. Думаецца, гэты зборнік можа стаць добрым дапаможнікам у вывучэнні беларускай мовы ў пачатковых класах школы і ў старэйшых групах дзіцячых садкоў.
Вядомы на Слонімшчыне і ў Беларусі краязнавец і аўтар шматлікіх кніг па гісторыі роднага краю Сяргей Чыгрын адносна нядаўна пачаў пісаць для дзяцей. Першую яго дзіцячую кніжку “Слонік і гармонік” таксама склалі вершы, і яна пабачыла свет у тым жа гомельскім выдавецтве “Барк”. Першая кніжка хутка разышлася, і выдаўцы з Гомеля прапанавалі аўтару са Слоніма далейшае супрацоўніцтва на ніве дзіцячай літаратуры. Вынікам гэтага супрацоўніцтва і стаў вершаваны зборнік “Загадка ад сінічак”.
Тут варта згадаць, што паміж дзвюмя дзіцячымі паэтычнымі кнігамі ў дзяржаўным выдавецтве “Энцыклапедыя” летась пабачыла свет кніга Сяргея Чыгрына “Бацька-камень і бацька-сын”, куды ўваайшлі легенды і паданні Слонімскага, Зэльвенскага і Дзятлаўскага краю, і якая таксама адрасавана юнаму чытачу.
Падчас размовы з карэспандэнтам gs.by Сяргей Чыгрын прызнаўся, што гомельскае выдавецтва “Барк”прапанавала яму выдаць зборнік яго дзіцячых п’ес. Так што ў хуткім часе, магчыма, юнага чытача чакае яшчэ адна кніга слонімскага аўтара.