Гарыць хата ў Шчучынскім раёне
Ноччу 5 чэрвеня мужчына паведаміў выратавальнікам, што ў вёсцы Мордасы Шчучынскага раёна гарыць жылы дом, у якім могуць знаходзіцца людзі, канстатуе рэсурс МНС
Пажарныя разлікі хутка прыбылі на месца. Драўляны дом быў ахоплены полымем. Выратавальнікі пачалі тушыць пажар і шукаць людзей. У пакоі байцы МНС знайшлі гаспадыню хаты 1975 года нараджэння без прыкмет жыцця.
Выратавальнікі патушылі пажар. Агонь знішчыў дах і перакрыцці, пашкодзіў сцены і маёмасць у хаце.
Што стала прычынай трагедыі, павінны высветліць спецыялісты. Адна з версій прычыны пажару — неасцярожнасць пры паленні.
Сёлета неасцярожнае паленне стала прычынай 132 пажараў у Гродзенскай вобласці, ахвярамі непатушанай цыгарэты сталі 20 чалавек, адзначаецца ў паведамленні.
Фота МНС