Ілюстрацыйнае фота
У рэанімацыйнае аддзяленне Астравецкай райбальніцы ў цяжкім стане шпіталізаваны мужчына 1964 года нараджэння з тэрмічнымі апёкамі. Напярэдадні ён распальваў мангал у гасцях у сяброў, выкарыстоўваючы пры гэтым вадкасць для распальвання. Ад паднесенай запалкі адбыўся выкід полымя. На мужчыне загарэлася адзенне. Яму самому ўдалося саўладаць з агнём, перакуліўшы на сябе вядро вады. Аднак ён сур’ёзна пацярпеў і патрапіў у рэанімацыю.
Падобны выпадак здарыўся ў Карэліцкім раёне. Там малады чалавек таксама вырашыў дапамагчы вуголлям разгарэцца з дапамогай спецыяльнай вадкасці для распальвання. Ад выкіду полымя хлопец атрымаў тэрмічныя апёкі рук, ног і твару ды быў шпіталізаваны ў раённую бальніцу.
Выратавальнікі нагадваюць, што выкарыстанне гаручых вадкасцяў для распальвання кастроў для прыгатавання ежы на адкрытым вогнішчы катэгарычна забаронена.