Ілюстрацыйнае фота
Пагоня за легкавіком “Аўдзі”, кіроўца якога не спыніўся на патрабаванні інспектараў ДАІ, адбылася вечарам 18 лістапада ў Гродне, канстатуе рэсурс абласной ДАІ
У аператыўна-дзяжурную службу ДАІ паступіла інфармацыя, што каля мікрараёна Грандзічы ў Гродне ездзіць легкавік з выключанымі фарамі. Інспектары направіліся на пошукі і ў мікрараёне Лапенкі знайшлі такую машыну. Аднак кіроўца праігнараваў неаднаразовыя патрабаванні спыніцца і пачаў уцякаць. Пачалася пагоня.
У выніку кіроўцу “Аўдзі” затрымалі. За рулём знаходзіўся 16-гадовы хлопец, які патлумачыў, што машыну ўзяў у знаёмага. У машыны адсутнічаў тэхагляд, рэгістрацыйны нумар і страхоўка.
На маладога бяспраўніка інспектары склалі агулам 7 пратаколаў, адзначаецца ў паведамленні.