775 ГАДОЎ ТАМУ (1249) — галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч пры дапамозе татар спрабаваў напасці на Слонім і захапіць яго, але гэтыя намаганні былі марныя.
770 ГАДОЎ ТАМУ (1254) — Слонім увайшоў у Галіцка-Валынскае княства. Слонімам валодаў князь Раман Данілавіч Галіцкі, затым яго брат Леў Данілавіч, пры гэтым горад заставаўся пад вярхоўнай апекай Міндоўга.
Малюнак Рыгора Жука
455 ГАДОЎ ТАМУ (1569) — у Слоніме пачалі дзейнічаць гарадскі і земскі павятовыя суды.
420 ГАДОЎ ТАМУ (1604) — увосень у Слоніме пачалася моцная эпідэмія.
380 ГАДОЎ ТАМУ (1644) — Казімір Сапега заснаваў у горадзе некалькі ткацкіх цэхаў.
355 ГАДОЎ ТАМУ (1669) — быў пабудаваны драўляны касцёл бенедыктынак (Крыжаўзвіжанскі касцёл), які не захаваўся.
345 ГАДОЎ ТАМУ (1679) — кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі пацвердзіў Слоніму самакіраванне паводле Магдэбургскага права.
315 ГАДОЎ ТАМУ (1709) — у Слоніме размясцілася місія Навагрудскага езуіцкага калегіума.
240 ГАДОЎ ТАМУ (1784) — пачала дзейнічаць габеленавая мануфактура.
220 ГАДОЎ ТАМУ (1804) — адкрыта суднаходства па канале Агінскага.
200 ГАДОЎ ТАМУ (1824) — пачала дзейнічаць буйная суконная фабрыка сенатара М. Навасільцава, якая праіснавала да 1914 года.
165 ГАДОЎ ТАМУ (1859) — у Слоніме нарадзіўся Міхаіл Маркс, заснавальнік вядомай сеткі магазінаў у Англіі.
Фота: marksandspencer.com
160 ГАДОЎ ТАМУ (1864) — касцёл бернардзінцаў пераабсталявалі ў Свята-Троіцкую царкву.
Фота eparhia.by
155 ГАДОЎ ТАМУ (1869) — 2 лістапада нарадзіўся заснавальнік Слонімскага краязнаўчага музея, калекцыянер, археолаг Язэп Стаброўскі.
140ГАДОЎ ТАМУ (1884) — 25 чэрвеня ў Жыровічах нарадзіўся беларускі літаратуразнавец, педагог, публіцыст, кандыдат педагагічных навук і грамадскі дзеяч Яўген Хлябцэвіч.
115 ГАДОЎ ТАМУ (1909) — 25 лютага ў Слоніме нарадзіўся беларускі паэт Сяргей Дарожны, які загінуў у 1943 годзе ў лагерах.
120 ГАДОЎ ТАМУ (1914) — 8 лютага нарадзіўся беларускі паэт, дзеяч вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Валянцін Таўлай, дзяцінства якога прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне.
105 ГАДОЎ ТАМУ (1919) — 14 студзеня войскі Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Слонім, вызваліўшы яго ад нямецкіх акупантаў і ўсталяваўшы савецкую ўладу. А 2 сакавіка горад акупавалі польскія войскі. У Слоніме пачала дзейнічаць прыватная настаўніцкая жаночая семінарыя імя Маткі Марцэліны Дароўскай.
100 ГАДОЎ ТАМУ (1924) — пачало сваю працу этнаграфічна-археалагічнае таварыства, кіраўніком якога быў абраны Іосіф Стаброўскі.
95 ГАДОЎ ТАМУ (1929) — 20 верасня Іосіф Стаброўскі на аснове ўласных калекцый заснаваў краязнаўчы музей.
90 ГАДОЎ ТАМУ (1934) — 9 траўня нарадзіўся ў Ганцавічах журналіст і краязнаўца, заснавальнік музея «Беларускае мястэчка» ў Слоніме Міхаіл Рылко. 10 кастрычніка нарадзіўся заслужаны работнік культуры, заснавальнік Слонімскага драматычнага тэатра Мікалай Варвашэвіч.
85 ГАДОЎ ТАМУ (1939) — 18 верасня войскі Чырвонай Арміі ўступілі ў Слонім. Выйшаў першы нумар газеты «Вольная праца», якая з 1962 года стала называцца «За перамогу камунізма», а пазней — «За перамогу камунізму». 14 лістапада Слонім увайшоў у склад БССР. 4 снежня горад і раён увайшлі ў склад Баранавіцкай вобласці. Заснавана Слонімская школа медсясцёр. 16 снежня нарадзіўся беларускі паэт, культурны дзеяч, праваслаўны духоўнік Зьніч (Алег Бембель), які з 1994 года жыве ў Жыровічах.
80 ГАДОЎ ТАМУ (1944) — 10 ліпеня савецкія войскі вызвалілі Слонім ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 10 студзеня нарадзіўся мусульманскі культурны дзеяч Беларусі Сулейман Байрашэўскі, які жыве ў Слоніме.
75 ГАДОЎ ТАМУ (1949) — 15 кастрычніка ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна нарадзіўся беларускі дзіцячы празаік і драматург Аляксей Якімовіч.
70 ГАДОЎ ТАМУ (1954) — 8 студзеня Слонім стаў цэнтрам Слонімскага раёна. Пачало дзейнічаць Слонімскае медыцынскае вучылішча.
Фота slonimsmc.by
65 ГАДОЎ ТАМУ (1959) — створаны Слонімскі народны тэатр. Летам у горадзе пачаліся першыя археалагічныя раскопкі.
60 гадоў таму (1964) — было створана ААТ «Дом гандлю» (першапачатковая назва — Універмаг Слонімскага райспажыўсаюза).
55 ГАДОЎ ТАМУ (1969) — у гонар воінаў, які вызвалялі Слонім, у скверы ўсталявалі помнік вызваліцелям — танк Т-34.
50 ГАДОЎ ТАМУ (1974) — У гонар подзвігу лётчыкаў 199-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі, якія вызвалялі Слонім, у двары СШ №4 усталявалі помнік — мадэль самалёта ІЛ-2.
35 ГАДОЎ ТАМУ (1989) — у верасні ўзнавіла дзейнасць Мінская духоўная семінарыя ў Жыровіцкім манастыры.
Фота МінДС
15 ГАДОЎ ТАМУ (2009) — зацверджаны сцяг Слоніма і Слонімскага раёна — на блакітным фоне залаты леў, які трымае ў лапе герб былых уладальнікаў Слоніма Сапегаў «Ліс».
10 ГАДОЎ ТАМУ (2014) — 24 ліпеня быў зацверджаны герб аграгарадка Жыровічы. У Слоніме была пабудавана новая гарадская плошча каля райвыканкама, адкрыты новы будынак тэатра і ўсталяваны тры памятныя знакі:
помнік воінам-інтэрнацыяналістам на вуліцы Пушкіна;
герб Слоніма — каля райвыканкама;
стэла каля драмтэатра з нагоды яго адкрыцця.