Ілюстрацыйнае фота
17 красавіка жыхар вёскі Беразовічы, што ў Брэсцкай вобласці, адпачываў у вёсцы Корнадзь Свіслацкага раёна. У нейкі момант адпачынак у чужой вёсцы яму надакучыў, і малады чалавек вырашыў вярнуцца дамоў. Паколькі грамадскага транспарту не было, то хлопец вырашыў скарыстацца чужым легкавіком, які гаспадар перадаў для рамонту, а майстар пакінуў ключы ў замку запальвання.
Праехаў на чужым «Renault Duster» угоншчык крыху больш за 50 кіламетраў і ў вёсцы Шэрашава Пружанскага раёна перакуліўся ды паставіў легкавік на дах. Там яго і затрымалі супрацоўнікі ДАІ Пружанскага РАУС. На момант затрымання алкатэстар паказаў тры прамілі алкаголю ў выдыхаемым угоншчыкам паветры.
Легкавік з тэхнічнымі пашкоджаннямі вярнулі ўладальніку, які нават не ведаў пра ўгон.
Супраць маладога чалавека завялі крымінальную справу. Раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, адзначаецца ў паведамленні.